FlylinkDC++

be
This translation is older than the original page and might be outdated. See what has changed.

Инструменты пользователя

Инструменты сайта


Боковая панель

Мэню

* Гісторыя зьменаў
* Як працаваць са «звалкамі»
* Распрацоўнікам
* Форум распрацоўнікаў і карыстальнікаў «FlylinkDC++»
* Дадаць свой асяродак у налады праґрамы
* Дапамагчы перакладаць праґраму
* Афіцыйная суполка на «Фэйсбуку»

be:bugreport

Як паведамляць пра хібы

Уводзіны

Кожны, хто калісь напісаў праґраму, якою маглі карыстацца шмат чалавек, хутчэй за ўсё атрымаў прынамсі адно бессэнсоўнае паведамленьні пра хібы («Не працуе!»), якое нічога не казала, у якім не было патрэбных зьвестак або паведамленьне з памылковымі зьвесткамі. Паведамленьне пра непаладку, прычынаю якою быў карыстальнік або іншая праґрама — ці сеціўнае асяродзьдзе.

Лічыцца, што працаваць у тэхнічнай падтрымцы цяжка, і прычына гэтага — кепскія паведамленьні пра хібы. Ня гледзячы на гэта, ня ўсе паведамленьні пра хібы кепскія. Я пішу адкрытыя праґрамы ў час, калі не працую, каб зарабіць на жыцьцё, і мне часам дасылаюць выдатна зразумелыя, карысныя, зьмястоўныя паведамленьні пра хібы.

У гэтым нарысе я паспрабую патлумачыць, якім чынам лепей паведаміць пра хібу. Было б цудоўна, каб кожны ў гэтым сьвеце, хто зьбіраецца паведаміць пра хібу (ня важна, каму), спачатку прачытаў бы гэты нарыс. Натуральна, мне хацелася б, каб і ўсе, хто паведамляе пра хібы мне, прачыталі б мой нарыс.

Па сутнасьці, пра хібы паведамляюць дзеля таго, каб паказаць распрацоўніку, дзе праґрама не дае рады. Можна паказаць гэта асабіста, а можна старанна ды падрабязна апісаць, як прымусіць праґраму даць хібу. Калі аўтары змогуць аднавіць абставіны, у якіх праґрама дае хібу, яны зьбяруць зьвесткі, якія дапамогуць выявіць прычыну. Калі гэта не атрымаецца, сабраць зьвесткі папросяць вас.

У паведамленьні пастарайцеся адасобіць праўдзівыя акалічнасьці («Калі гэта здарылася, я сядзеў за кампутарам») ад здагадак («Мяркую, непаладка можа быць тут»). Не жадаеце выказваць здагадкі — не выказвайце, але не забывайцеся на акалічнасьці.

Калі нехта паведамляе пра хібу, ён робіць гэта дзеля таго, каб яе выправілі. Няма сэнсу праклінаць аўтараў або знарок не даваць патрэбных зьвестак: вінаватымі могуць быць як аўтары, так і карыстальнік. Вы можаце мець поўнае права злавацца на хібы, але спрытна выправіць іх можна толькі тады, калі вы дапаможаце сабраць неабходныя зьвесткі. Памятайце, што калі аўтар распрацоўвае праґраму задарма і замест падзякі будзе атрымваць рэзкія непрыемныя водгукі, у яго можа зьнікнуць жаданьне працаваць над праґрамаю.

«Не працуе»

Ня трэба лічыць аўтара сьляпы дурнем: калі б праґрама не працавала зусім, ён, будзьце ўпэўненыя, гэта заўважыў бы. А калі ён гэтага не заўважаў, значыць у яго праґрама працуе. Таму адно з двух: або вы робіце нешта ня так, як аўтар, або адрозьніваюцца абставіны, у якіх вы карыстаецеся праґрамаю. Паведаміце болей: даць новыя веды, зьвесткі — мэта паведамленьня пра хібы. Амаль заўжды лепей паведаміць болей.

Шмат якія праґрамы, і адкрытыя ў тым ліку, вядуць сьпіс вядомых хібаў. Калі можна знайсьці сьпіс вядомых хібаў, варта прачытаць яго, каб даведацца, ці ведаюць распрацоўцы пра гэтую хібу. Калі ведаюць, тады, напэўна, ня трэба нічога паведамляць. Але калі вы мяркуеце, што маеце зьвесткі, якіх няма у наяўным паведамленьні, тады, відаць, варта зьвязацца з распрацоўнікамі. Зьвесткі, якіх раней не было, могуць дапамагчы хутчэй і прасьцей выправіць хібу.

У гэтым нарысе шмат парадаў. Але ніводную зь іх нельга лічыць усеагульным правілам. Кожны распрацоўнік можа мець сваё меркаваньне наконт таго, як лепей паведамляць пра хібы. Калі ў праґраме ёсьць уласныя парады пра тое, як паведамляць пра хібы, чытайце іх. Калі тыя парады супярэчаць гэтаму нарысу, кіруйцеся тым, што їдзе разам з праґрамаю!

Калі вы шукаеце дапамогі, але не зьбіраецеся паведамляць пра хібы, трэба пазначыць, дзе вы ўжо шукалі адказ на сваё пытаньне. («Паглядзеў чацьвертую главу ды частку 5.2, але так і не зразумеў, ці магчыма гэта».) Так распрацоўнік даведаецца, дзе людзі чакаюць знайсьці адказ на гэтае пытаньне, што дазволіць зрабіць дакумэнтацыю больш зразумелаю.

«Пакажыце мне»

Адзін з найлепшых спосабаў паведаміць пра хібу — гэта паказаць яе распрацоўніку асабіста: пасадзіць яго за свой кампутар, запусьціць праґраму ды паказаць, дзе яна працуе ня так, як трэба. Пакажыце, як вы запускаеце кампутар, праґраму, што вы націскаеце ды як праґрама адказвае на вашыя дзеяньні.

Аўтар ведае праґраму, як свае пяць пальцаў. Ён ведае, якім часткам праґрамы можна давяраць, а ў якіх могуць быць памылкі. Ён загадзя ведае, за чым трэба сачыць. Да таго часу, як праґрама дае відавочную хібу, аўтар можа заўважыць непрыкметныя непаладкі, якія могуць падказаць, у чым прычына. Калі распрацоўца запускае праґраму, ён можа агледзець увесь кампутар і знайсьці патрэбныя яму зьвесткі.

Але гэтага можа не хапіць. Тады вас папросяць паказаць усё тое ж самае яшчэ раз. Распрацоўца можа папрасіць апісаць усе крокі, каб ён мог самастойна паўтарыць хібу столькі разоў, колькі пажадае. Ён можа паспрабаваць зьмяніць акалічнасьці, каб вызначыць, адзінкавы гэта выпадак, ці толькі адзін з шэрагу падобных выпадкаў. Калі вам не пашчасьціць, распрацоўнік можа засесьці са сваімі адмысловымі распрацоўніцкімі прыладамі за вашым кампутарам на некалькі гадзін і распачаць сапраўднае дасьледаваньне. Але найважнейшае — даць распрацоўніку пабачыць, як і калі кампутар дае хібу. Звычайна, калі пабачыць хібу на свае вочы, яе ўжо можна пачаць выпраўляць.

«Раскажыце, як гэта можна паўтарыць»

Мы жывем у час сеціва, у час сусьветных зносінаў. Сёньня я магу даслаць праґраму камусь у Амэрыку, націснуўшы адну кнопку, а той чалавек так сама лёгка можа даслаць мне ў вадказ заўвагі. Але калі той чалавек выявіць непаладку ў праґраме, я не змагу сесьці за ягоны кампутар, калі той дае хібу. Добра, калі можна сказаць «Пакажыце мне», але часта гэта немагчыма.

Калі трэба паведаміць пра хібу чалавеку, якому нельга паказаць яе асабіста, галоўная задача — патлумачыць, як убачыць гэтую непаладку. Распрацоўнік мусіць запусьціць праґраму ў сябе, зрабіць тое самае, што й вы, і ўбачыць тую самую непаладку. Калі ён пабачыць хібу на свае вочы, ён зможа пачаць працаваць зь ёю.

Таму апісвайце, што дакладна вы робіце. Калі гэта праґрама з ґрафічным інтэрфэйсам, паведаміце, у якім парадку ды якія кнопкі націскаеце. Калі праґрама запускаецца ў загадным радку, пакажыце, які дакладна загад вы набіраеце. Калі магчыма, трэба даслоўна перадаць, якія загады набіраюцца, і які адказы атрымваюцца.

Пакажыце ўсё, што ўводзіцца ў праґраму. Калі праґрама чытае з файла, мажліва, давядзецца даслаць гэты файл. Калі праґрама размаўляе зь іншым кампутарам па сетцы, можа не атрымацца даслаць гэты кампутар, але можна прынамсі паведаміць, што гэта за кампутар і (калі магчыма), якое апраґрамаваньне на ім.

«У мяне працуе. Дык што ня так?»

Калі распрацоўнік атрымаў пералік усіх дзеяньняў і ўсё ўведзенае ў праґраму, запусьціў яе ў сябе, але непаладкі ня выявілася, значыць пададзеных зьвестак было недастаткова. Мажліва, непаладка зьяўляецца не на кожным кампутары, і вашая сыстэма ў нечым можа адрозьнівацца ад сыстэмы распрацоўніка. Мажліва, вы не зусім слушна разумееце, што праґрама мусіць рабіць, і таму думаеце, атрыманае вамі — памылка, а распрацоўца бачыць тое самае і ведае, што так і мае быць.

Таму апішыце, што здарылася. Паведаміце, што дакладна вы бачыце. Патлумачце, чаму вы мяркуеце, што мусіць быць ня так; а яшчэ лепей — сказаць, што вы чакалі пабачыць. Калі проста напісаць «і тут праґрама дае хібу», вы прапусьціце частку вельмі важных падрабязнасьцяў.

Калі зьяўляюцца паведамленьні пра памылкі, уважна й дакладна перадайце іхні зьмест. Гэта вельмі важна! На гэтым кроку распрацоўнік спрабуе ня выправіць непаладку, а проста знайсьці яе. Яму трэба ведаць, што пайшло ня так, а паведамленьні пра памылкі вельмі добра ў гэтым дапамагаюць. Перапішыце зьмест памылак, калі ня можаце яго запомніць, але ня варта паведамляць, што праґрама выдае памылку, пакуль вы ня зможаце сказаць, якую дакладна памылку.

А калі паведамленьне пра памылку зьмяшчае лічбы, паведаміце іх распрацоўніку. Проста таму што вы можаце ня ўбачыць у іх таго сэнсу, які бачыць распрацоўнік. У лічбах — усе зьвесткі, якія можа прачытаць распрацоўца, і гэтыя зьвесткі могуць быць вельмі важнымі. Лічбы ў гэтых паведамленьнях зьяўляюцца таму, што кампутар ня можа выказацца словамі ды спрабуе паведаміць важныя зьвесткі найлепшым магчымым спосабам.

На гэтым кроку распрацоўнік дзейнічае як сапраўдны сьледчы. Ён ня ведае, што здарылася, і ня можа самастойна ўбачыць болей падрабязнасьцяў, таму шукае падказкі, якія дапамогуць разгадаць таямніцу. Паведамленьні пра памылкі, радкі няўцямных лічбаў і нават незразумелыя затрымкі — усё гэта важныя зьвесткі, як адбіткі пальцаў на месцы злачынства. Захавайце іх!

Калі карыстаеце «юніксам», праґрама можа пакінуць «звалку ядра» — вельмі карысную крыніцу зьвестак, таму не забывайцеся на яе. Зь іншага боку, ня ўсім захочацца атрымаць вялізныя файлы ядра лістом электроннае пошты, таму перад тым, як дасылаць падобнае, спачатку перапытайцеся. Ведайце, што файлы ядра — гэта запіс поўнага стану праґрамы, разам з усімі «таемнасьцямі»: праґрама магла працаваць з асабістым паведамленьнем або сакрэтнымі зьвесткамі, якія захаваюцца ў файле ядра.

«Потым я паспрабаваў…»

Можна шмат чаго нарабіць, калі здарылася непаладка. І ад шмат чаго са зробленага будзе толькі горш. Мая школьная сяброўка памылкова сьцерла ўсе дакумэнты «Ворду», але да таго, як папрасіць знаўцаў дапамагчы, яна паспрабавала нанова ўсталяваць «Ворд», а потым — яшчэ й дэфраґмэнтаваць дыск. Натуральна, гэта не дапамагло аднавіць файлы, але так перамяшала зьмесьціва дыска, што ніводная праґрама, якая аднаўляе файлы, ужо не змагла б дапамагчы. А каб яна пакінула ўсё, як было, што-нішто яшчэ можна было б аднавіць.

Такія карыстальнікі падобныя да драпежніка, якога загналі ў кут: калі ён адчувае, што адступаць няма куды, а сьмерць ужо глядзіць у вочы, ён нападае, як шалёны, бо рабіць хоць нешта — лепей за тое, каб не рабіць нічога. Але непаладкі ў праґрамах — ня той выпадак, калі трэба дзейнічаць так.

Ня трэба быць драпежнікам: дзейнічайце, як некаторыя траважэрныя. Калі яны сустракаюць нешта нечаканае або тое, што іх палохае, яна супыняюцца, стаяць і не варушацца, стараюцца не прыцягваць увагі, стаяць, пакуль не прыдумаюць, што лепей зрабіць. (Каб яны мелі лінію тэхнічнае падтрымкі, якраз туды яны й патэлефанавалі б.) А калі нарэшце яны вырашаць, што найбольш бясьпечна рабіць, яны робяць гэта.

Калі нешта пайшло ня так, адразу спыняйцеся ды нічога не рабіце. Не чапайце ніякіх кнопак. Паглядзіце на экран і пашукайце тое, чаго там звычайна не бывае, і запомніце гэта (або запішыце). Потым можна асьцярожна націснуць «Добра» ці «Скасаваць» — у залежнасьці ад таго, што будзе бесьпечнейшым. Навучыцеся мімавольна спыняцца, калі кампутар робіць нешта нечаканае.

Калі вы пазбавіліся непаладкі, зачыніўшы праґраму ці спыніўшы кампутар, добра было б паспрабаваць зрабіць так, каб непаладка выявілася яшчэ раз. Распрацоўнікам падабаюцца непаладкі, якія можна ўбачыць не аднойчы. А калі распрацоўца ў добрым настроі, ён выпраўляе хібы хутчэй і надзейней.

«Думаю, гэта ад няправільнае палярызацыі тахіёнаў»

Распрацоўнікам пра хібы могуць паведамляюць і іншыя распрацоўнікі. Адно з найгоршых паведамленьняў пра хібы, якое я бачыў, быў даслаў распрацоўнік — і добры распрацоўнік.

Аднойчы я працаваў разам зь праґрамістам, які шукаў хібы ў сваім кодзе ды спрабаваў выправіць іх. Калі ў яго гэта не атрымвалася, ён зьвяртаўся па дапамогу да мяне. Я пытаўся: «Што не працуе?» А ён пачынаў распавядаць мне, што, на ягоную думку, трэба выправіць.

Гэта было зручна, калі ён не памыляўся. Бо ён ужо зрабіў палову патрэбнага, а другую частку мы рабілі разам. Атрымвалася спраўна ды дзейсна.

Але ён часта памыляўся. Мы маглі змарнаваць колькі часу, каб зразумець, чаму частка праґрамы працуе ня так, як трэба, а ў рэшце рэшт высьвятлялася, што мы глядзім не туды і ўжо паўгадзіны дасьледуем тую частку, якая працуе выдатна, а непаладка хаваецца ў іншым месцы.

Я ўпэўнены, што зь лекарам ён размаўляў бы інакш. Мы ня кажам: «Доктар, мне трэба прапісаць гідрахлорацэзатрапатрыядым». Мы ведаем, што трэба апісаць сымптомы, болі, што турбуе, дзе высыпала, ці ёсьць гарачка, — а ён ужо паставіць дыяґназ і скажа, што трэба рабіць. Інакш лекар вырашыць, што вы ці то вар’ят, ці то гіпахондрык, выкіне вас з кабінэту — і гэта будзе справядліва.

Тое ж самае і з распрацоўнікамі. Безумоўна, вашыя думкі наконт дыяґназу часам могуць быць карыснымі, але заўжды апісвайце сымптомы. Не абавязкова дзяліцца сваёю высноваю, і ні ў якім разе нельга паведамляць толькі яе, а сымптомы адкідаць. Так сама, можна даслаць выпраўленьні коду, якія могуць быць карыснымі дапамагчы, але гэта мусіць быць толькі дадатак, а не замена сымптомаў.

Калі распрацоўнік просіць дадатковых зьвестак, не прыдумляйце іх! Аднойчы мне паведамілі пра хібу, а я папрасіў паспрабаваць набраць адзін загад, які, як я ведаў, мусіў не працаваць. Я хацеў даведацца, якую памылку верне гэты загад: вельмі важна было ведаць, якое з двух паведамленьняў пра памылку зьяўляецца. Але той чалавек не набраў загад, а проста адказаў: «Не, гэта ня будзе працаваць». І я змарнаваў яшчэ колькі часу, каб пераканаць яго, што трэба насамрэч паспрабаваць.

Добра, калі вашая кемлівасьць дапаможа распрацоўніку. І нават калі разважаеце вы памылкова, распрацоўнік будзе ўдзячны, што вы прынамсі паспрабавалі аблегчыць ягонае жыцьцё. Але паведаміце таксама й сымптомы, бо їнакш вы толькі ўскладніце яму жыцьцё.

«Забаўна: толькі што непаладка была»

Хочаце пабачыць сумнага праґраміста? Скажыце яму, што знайшлі «няўстойлівы збой». Калі каб выклікаць збой, дастаткова зрабіць пэўную пасьлядоўнасьць дзеяньняў, гэта зручна, і распрацоўніку будзе лягчэй знайсьці хібу, калі дастаткова толькі паўтарыць пэўныя дзеяньні, каб падрабязна разгледзець абставіны збою. Але часта непаладкі бываюць не такімі простымі: праґрама можа даваць хібу адзін раз на тыдзень, або вельмі рэдка, або ўвогуле працаваць выдатна, пакуль за кампутарам сядзіць распрацоўнік, і выяўляцца толькі тады, калі надыходзіць час здаваць працу.

Насамрэч «няўстойлівыя» збоі не такія ўжо й няўстойлівыя. Большасьць зь іх падпарадкоўваюцца нейкай лёґіцы. Часам непаладкі могуць выяўляцца, калі бракуе памяці, або калі іншая праґрама спрабуе зьмяніць неабходны файл не тады, калі трэба, а некаторыя здараюцца толькі ў першую палову кожнае гадзіну! (Я сапраўды бачыў такое.)

Калі вы можаце аднавіць хібу, а распрацоўнік ня можа, дык вашыя кампутары ў шмат чым адрозьніваюцца, і ў гэтым можа быць прычына. Я памятаю праґраму, вакно якое скручвалася ў маленькі шарык у верхнім левым куце ды сядзела там пакрыўджана. Але гэта здаралася толькі на разрозьненьні 800×600, а на 1024×768 усё было добра.

Распрацоўніку можа спатрэбіцца ўсё, што вы можаце даведацца пра збой. Паспрабуйце тое самае на іншым кампутары. Паспрабуйце двойчы ці тройчы ды паглядзіце, як часта здараецца збой. Калі непаладка выяўляцца, калі вы займаецеся вялізнаю працаю, але нічога не здараецца, калі вы спрабуеце проста паказаць яе, мажліва, справа ў доўгім часе працы або ў вялікіх файлах. Калі здараецца збой, пастарайцеся запамінаць усе падрабязнасьці, якія можаце, і калі заўважыце нейкія заканамернасьці, скажыце пра іх. Усё, што вы паведаміце, можа быць карысным. Нават калі гэта нешта недакладнае (накшталт «здаецца, збой здараецца часьцей, калі працуе „Emacs“), яно можа й ня даць дакладнага адказу, у чым прычына, але дапаможа аднавіць хібу.

Яшчэ вельмі важна ведаць, ідзе гаворка пра няўстойлівы збой ці пра збой, уласьцівы пэўнаму кампутару. Можа спатрэбіцца даведацца ў падрабязнасьцях, які ў вас кампутар, каб можна было зразумець, чым ён адрозьніваецца. Якія зьвесткі спатрэбяцца, часта залежыць ад праґрамы, але адно трэба амаль заўжды — нумары вэрсій. Нумар вэрсіі самое праґрамы, апэрацыйнае сыстэмы, мажліва — іншых праґрамаў, якія могуць уплываць на збой.

«Ну, я ўсунуў кружэлку ў „Віндаўз“…»

Паведамленьне пра хібу мусіць быць зразумелым. Калі распрацоўнік ня можа зразумець, што вы мелі на ўвазе, дык вы з такім жа ж посьпехам маглі й прамаўчаць.

Мне паведамляюць пра хібы людзі з усяго сьвету. Для шмат каго зь іх анґельская мова — ня родная, і амаль усе яны выбачаюцца за сваю благую анґельскую. Але звычайна паведамленьні, у якіх выбачаюцца за благую анґельскую, насамрэч зразумелыя ды карысныя. А вось большасьць незразумелых паведамленьняў прыходзіць ад людзей, для якіх анґельская — родная мова: яны мяркуюць, ім не абавязкова старацца пісаць дакладна ды ўцямна, каб іх зразумелі.

Будзьце дакладнымі. Калі нешта можна зрабіць двума шляхамі, напішыце, як рабілі вы. «Я абраў „Прачытаць“» можа значыць і «Я пстрыкнуў „Прачытаць“», і «Я націснуў „Alt+L“». Скажыце, што дакладна вы зрабілі. Часам гэта важна. Будзьце шматслоўнымі. Лепей паведаміць болей зьвестак, а ня меней. Калі сказаць зашмат, распрацоўнік можа прапусьціць непатрэбнае. Калі сказаць замала, яму давядзецца перапытвацца. Неяк мне паведамілі пра хібу адным сказам, а калі я пытаўся на падрабязнасьці, мне зноўку адказвалі адным сказам. Я змарнаваў некалькі тыдняў, каб даведацца неабходныя падрабязнасьці, бо за адзін раз я атрымваў толькі адзін сказ. Асьцярожней з займеньнікамі. Не кажыце «яна» ці «яно», не прапускайце словы, нават калі яны будуць паўтарацца, не кажыце «вакно», бо незразумела, што дакладна гэта значыць. Вось паглядзіце: «Я запусьціў „НейкуюПраґраму“. Выскачыла вакно перасьцярогі. Я паспрабаваў зачыніць, і здарыўся збой». Тут незразумела, што паспрабаваў зачыніць карыстальнік: вакно перасьцярогі — ці саму «НейкуюПраґраму»? Бо ёсьць розьніца. Трэба было б сказаць: «Я Я запусьціў „НейкуюПраґраму“, якая выдала вакно перасьцярогі. Я паспрабаваў зачыніць вакно перасьцярогі, і „НейкаяПраґрама“ дала збой». Атрымваецца даўжэй і з паўторамі, але такі сказ прасьцей зразумець правільна. Перачытайце напісанае. Перачытайце тое, што вы напісалі, і паглядзіце, ці зразумела вы выказаліся. Калі апісвалася пасьлядоўнасьць дзеяньняў, якая мусіла аднавіць збой, паспрабуйце паўтарыць гэтую пасьлядоўнасьць, каб упэўніцца, што вы нічога не прапусьцілі.

Высновы

Галоўная задача паведамленьня пра памылку — каб распрацоўнік пабачыў збой на свае вочы. Калі ён ня можа сесьці за ваш кампутар, падрабязна апішыце, як гэты збой можна атрымаць. Калі ж гэтая мэта не дасягаецца, і распрацоўнік ня можа аднавіць збой у сябе, наступная мэта — апісаць, што ня так. Падрабязна апішыце ўсё. Пазначце, што вы ўбачылі, і што чакалі ўбачыць. Перапішыце паведамленьні пра памылкі — разам з усімі лічбамі, якія ў іх адлюстроўваюцца. Калі кампутар зрабіў нешта нечаканае, спыніцеся. Нічога не рабіце, ажно пакуль не супакоіцеся. І не рабіце нічога, што можа быць небясьпечным. Калі можаце ды жадаеце, паспрабуйце разабрацца ў непаладцы самастойна, але не забывайцеся паведамляць пра сымптомы. Чакайце, што вас могуць перапытацца на дадатковыя зьвесткі. Каб гэта не было трэба, вас не пыталіся б. Ня думайце, што вас проста хочуць пазлаваць. Трымайце пад рукой нумары вэрсій, бо яны могуць спатрэбіцца. Выказвайцеся зразумела. Кажыце тое, што маеце на ўвазе, і ўпэўніцеся, што вас нельга зразумець памылкова. І перадусім — будзьце дакладнымі. Праґрамісты любяць дакладнасьць.

Пра хібы паведамляйце сюды

be/bugreport.txt · Последние изменения: 2012/11/08 22:12 (внешнее изменение)